суббота, 19 июля 2014 г.

Кіданкі – смутныя сялянскія жарты, байкі ды показкі.



         У час летняга адпачынку маю намер адысці ад нудных кансультацыйных парад і распавесці некалькі так званых кіданак – смутных сялянскіх жартаў ды баяк.

Кіданкі гэтыя назбіраліся самыя сабой.
Усе яны – праўдзівыя гісторыі, што адбыліся ў даўнія, як у нас кажуць: «за тыма саветамі» часы, пачутыя ад розных людзей: ад маці маей Валянціны Ціханаўны, цеткі Антолі, дзядзькі Лукаша, ды іншых – вельмі дарагіх і паважаных землякоў ды проста знаемых.
Чаму назва такая дзіўная: кіданкі?
- А ўсе проста. Пад Падароскам і цяпер можна пачуць: «Як жывеш браток?». А ў адказ: «Дык, нічога, - кідаемся яшчэ!».

А пачну я з кіданкі «Адкуль Жэшкі на Гарадзеншчыне вядуцца?», пачутай па сакрэту ад аднаго са сваякоў и падцверджанай аўтарытэтам старэйшых, што  згодна ківалі галавамі ў час аповяду: маўляў, праўда, чысцюткая праўда…
 Даўно справа адбылася. У мясцовага пана Ўладычанскага быў вельмі разумны паляўнічы сабака. Аднойчы, запрасілі нашага пана   на вялікае   паляванне аж недзе на Палесчыну. А там мясцовы уладар так захапіўся розумам, вывучкай ды паляўнічымі здольнасцямі сабакі пана Ўладычанскага, што прапанаваў за яго велькія грошы, каня і нават аднаго з сваіх лепшых прыгонных сялян – Жэшку.
Пан Ўладычанскі выбраў Жэшку, бо меў і грошы, і ўласных коней ладных, а вось Жэшак у яго не было.
Так і зявіліся Жэшкі на Гарадзеншчыне.
А хто да сеняшняга часу думаў, што Жэшки вядуцца ад князеў з графьямі, - той шчыра памыляўся.

Кіданка другая: «Пята дзядзькі Ёзіка».
Раней людзі былі значна бліжэй да зямлі, чым сеняшнія. З гэтай, ці з іншай нагоды, басанож хадзілі ад ранняй вясны да самых халадоў. І ничога сабе: і хварэлі мала, і боты цалейшымі захоўваліся.
Але вернемся да справы.
Прыйшоў неяк дзядзька Ёзік (яшчэ вельмі жвавы чалавек, гадоў пад шэсцьдзесят) у кузню да каваля Міхася Міхальчыка з нейкай сялянскай патрэбай. Стаіць сабе, перамінаецца з нагі на нагу, ды чакае, калі каваль адхопіцца ад гарна і звярне на яго ўвагу.
Раптоўна адчуў дзядзька Ёзік смярдзючы пах нечага гарэлага і звяртаецца да каваля: «Міхась, нешта гарыць у цябе ў кузні!».
Міхась аглядзеўся і бачыць: дзядзька Ёзік голай пятой наступіў на раскалёны лямех ад якога і ідзе едкі дым.
«Ёзік, - крыкнуў ен, гэта ж твая пята гарыць!».
- «Але, гарыць, - убачыўшы адкуль ідзе дым, пагадзіўся дзядзька Ёзік, нават не паварушыўшыся».
А справа ў тым, што за доўгія гады жыцця натупаў дзядзька Ёзік такую тоўстую скуру на назе, што стала яна таўшчэй за падашву ў яловых ботах.

Кіданка трэццяя: «Як дзед Ціхан у калгас ўступаў».
Ўсталяваліся саветы на маей малай радзіме і пачалі калгасы ствараць. А людзі ж, вядомая справа – цемныя и не сазнацельныя” - у калгасы запісвацца не спяшаюцца.
Тады актывістыя сабралі ўсіх гаспадароў – мужчын нібыта на сход, а самыя дзверы зачынілі ды ахову прыставілі і так людзей трымалі. Дахаты  адпускалі толькі праз падпісаную заяву.
На другія суткі большасць была ужо калгаснікамі, а на трэцція – амаль усе. Адзінаасобнікамі засталіся толькі тыя, каму жанкі неяк змаглі тую-сюю ежу праз адчыненае акенца перадаць. А так, як мой дзед   Ціхан быў далека ад акна, - дык и калгаснікам стаў разам з большасцю
Як бачыце, дзякуй Богу, нікога да сценкі не ставілі, але і выбар заставаўся небагаты: гэта і ёсць яскравы абразчык дабравольна – прынудзіцельнага падыхода да вырашэння   сваіх пытанняў бальшавікамі.

Кіданка чацвертая: «Дзядзька Міша – удалы гандляр»
Дзядзька Міша – былы партызан, па тых мерках добра адукаваны (меў ці тры, ці нават чатыры класы), адразу пасля вайны займаў на вёсцы адказныя пасады: старшыні калгаса, дырэктара лесапільні. Ўрэшце-рэшт апынуўся загадчыкам вясковай крамы – так званага “сельмага”. Падначаленых у яго не было. Быў ен і прадаўцом і загадчыкам у адной асобе.
Хто памятае тыя часы – ведае, што на весцы загадчык крамы – першы чалавек: і “на вэксаль” дасць і калі трэба ўначы краму адчыніць, і якога дэфіцыту адпусціць...
Неўзабаве надышлі больш познія часы і “загойдалася крэсла” загадчыка ў дзядзькі Мішы: прафтэхвучэльні пачалі рыхтаваць сапраудных прадаўцоў для вясковых крамаў.
Але ў дзядзькі Мішы былі свае людзі ў раёне, - сваечасова паведамілі, што будзе сур’езная праверка, лічы атестацыя на прфпрыдатнасць.
Загадзя дзядзька Міша пачаў  рыхтавацца да гэтай халеры (у сэнсе - праверкі): павыкладаў тавары, цэннікі напісаў, прыбраў у краме, нават дэфіцытную на той час грыку выставіў (сябры з раёну падкінулі). Сядзіць сабе і чакае на тую праверку…
А тут цетка Гандзя надышла і, убачыўшы грыку пытае: “Зваж мне, дзядзька Міша, грыкі два кілі”.
На што дзядзька Міша нічога не кажучы бярэ і насыпае ей макароны (памятаеце: грыка была таварам дэфіцытным, было яе мала і прадаць яе да праверкі   ніяк было немагчыма).
“Што ты робіш, Міша? - заляментавала Гандзя, - я ж пытала грыкі!”.
 “Не парве цябе і ад макарон, - быў адказ былога ваякі і пакуль што загадчыка”.

Кіданка пятая: “На вяселлі”.
Вяселле, што ў той,  пасляваенны час, што ў сёняшні – справа надзвычай адказная. Трэба гасцей задаволіць, каб не абгаворвалі потым. Дый, задаволенныя госці падораць болей, - таксама праўда!
З гэтае нагоды, прышлося нават з цяляткам разлучыцца, каб стол накрыць.
У самы разгар вяселля гаспадыня ўвіхаецца каля гасцей і прапаноўвае: “Легкае, легкае ешце, госцікі дарагія!”.
На што тыя госцікі адказваюць: “А, нічога, не турбуйцеся -  нам і мяса з каўбасой не цяжкія!”.


Комментариев нет :

Отправить комментарий